МІНЕРАЛІЗА́ЦЫЯ ВОД,

1) агульная канцэнтрацыя мінер. рэчываў (солей) у прыродных водах. Выражаецца ў грамах на літр або ў праміле (%₀). Залежыць ад геахім. і геафіз. асаблівасцей тэр. вадазбору, літалагічнага складу ваданосных пластоў, кліматычных умоў і антрапагенных фактараў. З павелічэннем сухасці клімату павышаюцца М.в. і ўдзельная колькасць натрыю, сульфатаў і хларыдаў, памяншаецца ўдзельная колькасць кальцыю і карбанатаў. Паводле М.в. адрозніваюць воды прэсныя (да 1 г/л) і мінералізаваныя (больш за 1 г/л). Гл. таксама Мінеральныя воды.

2) Перавышэнне звычайнай канцэнтрацыі солей у прыродных водах пад уплывам прыродных або антрапагенных прычын (засаленне вод); від хімічнага забруджвання вод (пераважна паверхневых). Як і засаленне глебы, прычыняе гасп. і экалагічную шкоду.

т. 10, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)